Да 80-годдзя з дня нараджэння Аляксея Іосіфавіча Кур’яна
(20.05.1936 г. – 28.07.1998 г.), публіцыста, празаіка і паэта,
таленавітага журналіста і шчырага беларуса
Над Случчу-ракой
(урыўкі з верша, 1968 г.)
Доблеснай працай і песняй вясёлай
Славіцца горад над Случчу-ракой.
Тут мы будуем заводы і школы,
Марым аб шчасці з табой…
… З небам цалуюцца гмахі палацаў,
З соллю калійнай бягуць паязды.
Хай жа расце і гуртуецца ў працы
Наш Салігорск малады.
Старонкі біяграфіі
Аляксей Іосіфавіч Кур’ян нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Даўкінды Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.
У 1955 годзе закончыў Сноўскую сярэднюю школу ў вёсцы Сноў Нясвіжскага раёна. З 1955 по 1958 гады праходзіў службу ў Савецкай Арміі. Пасля службы закончыў курсы шафёраў. З 1959 года жыў у Салігорску. Працаваў шафёрам транспартнай канторы, а з 1960 года – машына-трактарнай базы (МБП) будтрэста № 3 на будоўлі першага Салігорскага калійнага камбіната.
З 1961 года - выхавальнік інтэрната жыллёва-камунальнай гаспадаркі будтрэста № 3 у рабочым пасёлку Салігорска, студэнт першага курса завочнага аддзялення факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў начальнікам агітмашыны на будоўлі, рэдактарам радыёгазеты, рабіў яе выпускі.
З 1962 года працаваў аўтаслесарам гаспадарча-разліковага участка механізацыі – ГУМ (МБП пераіменавана ў ГУМ, а затым стала ўпраўленнем механізацыі і спецработ № 108 - УМС-108).
Са студзеня 1963 года працаваў старшым інспектарам па кадрам УМС-108 будтрэста № 3 і сумяшчаў працу з грамадскімі абавязкамі -з’яўляўся сакратаром партыйнай арганізацыі ўпраўлення.
У красавіку 1964 года з УМС-108 пераведзены на працу на першы Салігорскі калійны камбінат адказным сакратаром, а з 1968 года – рэдактарам рэдакцыі штотыднёвай газеты «За коммунистический труд», якая з’яўлялася органам партыйных, прафсаюзных камітэтаў і адміністрацыі Салігорскіх калійных камбінатаў і будтрэста № 3.
У 1967 годзе паспяхова закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
З 1972 года працаваў карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё БССР карэспандэнтскага пункта па Салігорскаму рэгіёну.
З 1987 года - рэдактар штотыднёвай газеты вытворчага аб’яднання «Беларуськалій» «Калійшчык Салігорска».

З’яўляўся членам Саюза журналістаў Беларусі, а з 1995 года ўзначаліў Салігорскую арганізацыю Саюза журналістаў Беларусі.

У 1997 годзе выйшаў на заслужаны адпачынак. На пенсіі праводзіў час на лецішчы ў вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёна.
У 1998 годзе падчас цяжкай хваробы памёр. Пахаваны на Чыжэвіцкіх могілках.
Творчасць Алеся Кур’яна
Алесь Кур’ян пісаць вершы пачаў у школе ў 1950-х гадах. Яго вершы, публікацыі, гумарэскі і апавяданні друкуюцца ў нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг», у старобінскай раёнцы «Савецкі патрыёт», у салігорскіх газетах «Шахцёр», «За коммунистический труд», «Калійшчык Салігорска».
Вершы, гумарэскі і расказы Алеся Кур’яна таксама друкуюцца ў рэспубліканскіх часопісах «Вожык», «Беларусь», «Украіна».
У Салігорску першы паэтычны твор Алеся Кур’яна - верш «Тут будзе горад-сад» - надрукаваны ў старэйшай салігорскай газеце «За коммунистический труд» - № 6 ад 12 снежня 1959 года (цяпер – «Строитель Солигорска»).
Алесь Кур’ян - сааўтар дзвюх гісторыка-эканамічных кніг: «Салігорскія калійныя» (1973 г.) і «Салігорск» (1978 г.), аўтар літаратурна-публіцыстычнага выдання, кнігі «Соль надзеяў нашых» (1996 г.).
Сябра і дарадчык
У 1980-90-х гадах мінулага стагоддзя я быў у добрым сяброўстве з Аляксеем Іосіфавічам - чалавекам творчай натуры, з цвёрдай жыццёвай пазіцыяй і высокай нацыянальнай свядомасці, журналістам і літаратарам, рэдактарам шматтыражкі «Беларуськалія» «Калійшчык Салігорска».
У гэты час у Беларусі, у тым ліку і ў Салігорску панавалі духоўны пад’ём і рост нацыянальная свядомасці людзей. У 1996 годзе Беларусь стала незалежнай дзяржавай і на дзяржаўным узроўні ў краіне пачаўся працэс новага этапу нацыянальнага адраджэння беларускага народа.
Актыўную пазіцыю ў гэтым працэсе займаюць многія салігорскія актывісты, у тым ліку і Аляксей Кур’ян, які быў сябрам рады і сакратарыята Салігорскай раённа-гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ен займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, шчыра любіць радзіму, родную беларускую мову, робіць усё магчымае дзеля пачэснай справы нацыянальянага адраджэння.
У газеце «Калійшчык Салігорска» ен арганізуе выпуск патрыятычнай беларускамоўнай старонкі «Бацькаўшчына», якая існавала з 1989 па 1995 гады.
Алесь Іосіфавіч пастаянна падтрымліваў творчых людзей, выступаў арганізатарам заняткаў для пазаштаных карэспандэнтаў, перадаваў ім, а таксама і маладым журналістам свой багаты вопыт працы.
Яшчэ ў 1960-х гадах, працуючы адказным сакратаром, затым рэдактарам салігорскай газеты «За коммунистический труд», ён быў кіраўніком самага першага ў Салігорску літаратурнага аб’яднання, якое існавала пры рэдакцыі штотыднёвіка са снежня 1960 по 1971 гады. Творы ўдзельнікаў літаб’яднання друкаваліся на «Літаратурнай старонцы» і на старонках штотыднёвіка пад іншымі рубрыкамі.
Алесь Кур’ян адыграў значную ролю ў падтрымцы творчасці і ў захаванні паэтычнай спадчыны таленавітага беларускага паэта з вёскі Радкава Салігорскага раёна Леаніда Якубовіча, якому лёс адвёў толькі 22 вясны, і які за кароткі прамежак часу сваім паэтычным словам упісаў слаўную старонку ў летапіс паэзіі Салігоршчыны і Беларусі.
А.І. Кур’ян быў сябрам і дарадчыкам для многіх творчых людзей шахцёрскага горада, якія часта звярталіся да яго са свімі творчымі працамі – вершамі, нарысамі, замалёўкамі, якія ён прымаў да друку ў газетах, дзе працаваў.
Журналісцкая і літаратурная дзейнасць Алеся Кур’яна поўнасцю звязана з Салігорскам і Салігоршчынай. У сваіх верашх і прозе ён услаўляе родны край і людзей – будаўнікоў і шахцёраў, якія ўздымаюць першы ў Беларусі Салігорскі калійны камбінат, будуюць першую беларускую саляную шахту і новы шахцёрскі горад.
Аляксей Кур’ян – адзін першых салігорскіх празаікаў і паэтаў, якія ўнеслі свой творчы ўклад у духоўную спадчыну культурнага жыцця Салігорска і роднай Беларусі.
У Алеся Іосіфавіча Кур’яна двое дзяцей: дачка Наталля Зубарава (Кур’ян), 1961 года нараджэння, журналістка, 21 год працуе рэдактарам радыёгазеты ВА «Беларуськалій» «Соль зямлі», потым - рэдактар рэдакцыі гарадской газеты «Cалігорскі веснік», карэспандэнт завадской газеты «Мінскага падшыпнікавага завода № 11» «Одиннадцать», з лістапада 2008 года - карэспандэнт газеты «Строитель Солигорска» ААТ «Будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі», мае двое дзяцей – Рамана і Алену; сын - Аляксей Кур’ян, (1965 - 2001 г.г.), працаваў электраманцёрам, электраслесарам РУ-4 ААТ «Беларуськалій», гадаваў дзяцей Артура і Таццяну.