Сёлета мы святкуем семідзесятую гадавіну з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне савецкіх народаў супраць фашысцкай Германіі, мілітарысцкай Японіі і год заканчэння Другой сусветнай вайны.
Уладзімір Масакоўскі.Фота аўтара.
Сёлета мы святкуем семідзесятую гадавіну з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне савецкіх народаў супраць фашысцкай Германіі, мілітарысцкай Японіі і год заканчэння Другой сусветнай вайны. Напярэдадні 22 чэрвеня, даты, калі пачалася Вялікая Айчынная, мы не можам не ўзгадаць, які след яна пакінула ў гісторыі Беларусі і нашага роднага краю.
Народам Зямлі Другая сусветная прынесла бяду і гора. Дзесяткам мільёнаў загінуўшых яна паставіла помнікі і абеліскі. Яны - наша свяшчэнная памяць аб загінуўшых у пекле вайны, на франтах і ў тыле ворага. Гэта і помнікі ахвярам той вайны - мірным жыхарам.
Факты нумара
Вялікая Айчынная вайна працягвалася чатыры гады - 1418 дзён, з 22 чэрвеня 1941 года па 8 мая 1945 года. На тэрыторыі Беларусі яна доўжылася 3 гады, з 22 чэрвеня 1941 года да 28 ліпеня 1944 года.
Вялікая Айчынная з’яўляецца часткаю Другой сусветнай вайны, якая ахапіла ўсе кантыненты Зямлі і працягвалася 6 гадоў, з 1 верасня 1939 года па 2 верасня 1945 года.
У СССР 9 мая быў аб’яўлены Днём Перамогі над фашысцкай Германіяй, а 3 верасня - Днём Перамогі над мілітарысцкай Японіяй. Абодва дні былі працоўнымі і святкаваліся да 1965 года. У 1965 годзе дзень 9 мая быў аб’яўлены выхадным святочным днём, а Дзень Перамогі над мілітарысцкай Японіяй святкаваць у Савецкім Саюзе перасталі.
Агульная колькасць страт у Другой сустветнай вайне складае 54 мільёны, а ў Савецкім Саюзе, згодна архіўных звестак Генштаба Узброеных сіл Расіі на 1998 год, - 26 мільёнаў 600 тысяч грамадзян.
У Беларусі ахвярамі фашысцкага генацыду сталі 2 мільёны 400 тысяч грамадзян, з іх 400 тысяч толькі ў адным Мінску і яго ваколіцах (“Беларусь партызанская”. Мінск. Беларусь. 1990. ст. 94).
У Салігорскім раёне жыццё за Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне аддалі 11559 грамадзян. Гэтыя звесткі прыведзены на 1975 год без уліку загінуўшых грамадзян Гаўрыльчыцкага сельскага Савета народных дэпутатаў, тэрыторыя якога была перададзена з Лунінецкага ў скалад Салігорскага раёна ў 1979 годзе (Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. “Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Мінск. 1987 г., ст. 155).
У Беларусі поўнасцю або часткова нямецка-фашысцкімі акупантамі знішчана 9 тысяч 200 вёсак, больш палавіны з іх - звыш 5 тысяч (5295) - разам з жыхарамі ці з іх часткаю (1. “Беларусь пратызанская”. Мінск. Рэспубліка Беларусь. 1990 г., ст. 94. 2. Нацысцкая палітыка генацыда і выпаленай зямлі ў Беларусі. Мінск. Беларусь. 1984 г., ст. 46). У былым Старобінскім раёне (існаваў з 1924 по 1962 гады, сёння Салігорскім) і далучаных да яго тэрыторый Хорастаўскага і Гоцкага сельсаветаў Лунінецкага раёна знішчана разам з жыхарамі ці з іх часткаю па стану на 1978 год 33 вёскі, а з далучэннем у 1979 годзе тэррыторыі Гаўрыльчыцкага сельсавета Лунінецкага раёна, 38 вёсак (36 у лютым 1943 года і 2 у верасні 1942 года), 5 з якіх не былі адноўлены. Гэта населенныя пункты Дуброўна, пасёлак сядзібы Капацэвіцкай МТС, Ямнае (1943 г.) і Сухая Міля, Хадыка (1942 г.).
На тэррыторыіі былога Старобінскага раёна часктова былі спалены 22 мая 1942 года вёска Бярозаўка і ў лютым 1943 года вёскі Горкі, Жоўты Брод, Наваяль, Савецкая Морач. Двойчы былі спалены вёскі Качава (1941 і ў 1943 гадах), Даманавічы (у 1942 і 1943 гадах).
* * *
У Беларусі ўсталявана 8 тясяч 500 помнікаў, а ў Салігорскім раёне (па стану на 2004 год) - 120, а на 2015 год - 166 помнікаў савецкім воінам, партызанам і мірным жахарам, ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.Адзін з такіх знаходзіцца на развілцы дарог Старобін - Мікашевічы ў Салігорскім раёне. Гэта мемарыяльны комплекс “Смуткуючая маці” , прысвечаны савецкім воінам, партызанам і землякам, загінуўшым пры вызваленні Старобінскага раёна 30 чэрвеня 1944 года і ў гады акупацыйнага рэжыму 1941-1944 гадоў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на яго тэрыторыі.
Пра гэты помнік-мемарыял і пойдзе наш далейшы расказ.
Калі на месцы мемарыяла быў кар’ер
Рыхтуючы матэрыял па гісторыі комплекса, я звярнуўся да былога намесніка старшыні Салігорскага райвыканкама Савета народных дэпутатаў Анатоля Аляксандравіча Казакевіча. Ен параіў мне сустрэца з былым архітэктарам Салігорскага райвыканкама Генадзем Міхайлавічам Гапановічам. Ён дакладна распавёў аб падрыхтоўцы пляцоўкі пад мемарыяльны комплекс.
- У маі 1966 года мне прапанавалі пасаду архітэктара Салігорскага райвыканкама Совета народных дэпутатаў, на што я даў згоду, - узгадвае Генадзь Міхайлавіч. - У 1967 годзе я завочна скончыў вучобу на факультэце прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва ў Беларускім палітэхнічным інстытуце. Акрамя вядзення спраў па архітэктурнай вытворчасці па раёну, на маю долю выпаў гонар праектаваць пад гарадскім пасёлкам Старобін, ля трасы Мінск - Мікашэвічы, скульптурную мастацкую кампазіцыю мемарыяльнага комплекса савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі пры вызваленні Старобінскага раёна пад час Вялікай Айчыннай вайны. У перыяд 60-х і да сярэдзіны 70-х гадоў аддзелам культуры Салігорскага райвыканкама праводзілася праца па ўдакладненню месцаў пахаванняў і складанню спісаў загінуўшых на тэрыторыі Старобінскага раёна савецкіх воінаў і партызан. Вялікі ўклад у гэтую справу ўнёс загадчык аддзела культуры Салігорскага райвыканкама Міхаіл Маісеевіч Фосман і работнікі Салігорскага ваенкамата… У 1967 годзе я і новы старшыня Салігорскага райвыканкама Мікалай Васільевіч Лісоўскі (з 1967 г. - старшыня райвыканкама, а з 1969 г. па 1975 г. - першы сакратар Салігорскага райкама партыі) на райкамаўскім “газіку” паехалі з Салігорска на развілку дарог Старобін - Мікашэвічы для азнаямлення з зямельным участкам, адведзенным пад будаўніцтва комплекса. Калі мы прыбылі на месца, то ўбачылі, што на тэрыторыі адведзенага зямельнага ўчастка пад комплекс знаходзіцца даўжэзны, трохмятровай глыбіні пясчаны кар’ер, які ўтварыўся на пачатку 60-х гадоў пры будаўніцтве новай шашэйнай дарогі Старобін - Мікашэвічы… Мікалай Васільевіч даручыў мне патэлефанаваць ва ўсе гаспадаркі Салігорскага раёна і ад яго імя арганізаваць засыпку і планіроўку пясчанага кар’ера. Я дамовіўся з кіраўнікамі мясцовых прадпрыестваў і калгасаў аб засыпцы кар’ера і падрыхтоўцы пляцоўкі пад будаўніцтва комплекса. Гэтая праца вялася два гады. І за 1967-1968 гады пясчаны кар’ер быў поўнасцю засыпаны, а пляцоўка комплекса была падрыхтавана пад будаўніцтва.
Уладзіслаў Марухін і Віктар Грос -творчы тандэм аўтараў мемарыяла

Удзельнік праекта помніка-мемарыяла Смуткуючая маці, былы архітэктар Салігорскага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Гапановіч
- У 1967 годзе, акрамя падрыхтоўкі пляцоўкі, перада мною была пастаўлена задача распрацаваць праект скульптурна-мастацкай кампазіцыі помніка-мемарыяла. У такой адказнай справе мне патрэбен быў памочнік. І я звярнуўся за дапамогай да вядучага архітэктара аддзела праектавання праектнага інстытута “Мінскграмадзянпраект” Уладзіслава Марухіна (у той час гэты інстытут быў філіялам “Белдзяржпраекта”, а з 1974 года стаў самастойнай установай). Ен даў згоду на падрыхтоўку праекта. У гэты час мы разглядалі розныя варыянты архітэктурна-мастацкай кампазіцыі комплекса… У 1968 годзе генеральны план участка і эскізныя праекты комплекса, падрыхтаваныя Уладзіславам Марухіным і мною, былі накіраваны на разгляд старшыні Салігорскага райвыканкама Мікалая Васільевіча Лісоўскага і першага сакратара Салігорскага райкама партыі Мікалая Андрэевіча Сухій. Пасля ўзгаджэння праектнай дакументацыі ў гэтым жа 1968 годзе яна была зацверджана начальнікам упраўлення па будаўніцтве і архітэктуры Мінаблвыканкама Георгіем Арцёмавічам Парсаданавым… Першапачаткова эскізны варыянт помніка-мемарыяла прадугледжваў агульную вышыню 11 метраў. Але сабраных ад насельніцтва і прадпрыемстваў Салігорскага раёна і выдзеленых райвыканкамам і аблвыканкамам бюджэтных сродкаў не хапіла на такі варыянт. Сышліся на варыянце агульнай вышынёй 8 метраў. Агульная вышыня комплекса складаецца з трохузроўневых пляцовак, кургана пад пастаментам, самога пастамента і скульптуры жанчыны з воінам на руках… Праект мастацкай кампазіцыі скульптуры жанчыны з воінам на руках распрацаваў беларускі скульптар Віктар Грос. Праца па стварэнні вобраза скульптурнай кампазіцыі ў яго рухалася даволі марудна. Віктар Грос працаваў у майстэрнях Мінскага вытворча-мастацкага камбіната і ў хуткім часе свій эскізны праект і макет скульптуры з гіпса вынес на разгляд творчай камісіі камбіната, які быў адобраны.
