Вось і адсвяткавалі мы 70-ю гадавіну з дня Перамогі. А з дня адкрыцця мемарыяльнага комплекса “Смуткуючая маці” мінула 40 гадоў. Ён прысвечаны савецкім воінам, партызанам, землякам, якія загінулі пад час другой сусветнай вайны, і знаходзіцца на развілцы дарог Старобін – Мікашэвічы.
Уладзімір Масакоўскі.Фота Аляксандра Калеснікава.

Вось і адсвяткавалі мы 70-ю гадавіну з дня Перамогі. А з дня адкрыцця мемарыяльнага комплекса “Смуткуючая маці” мінула 40 гадоў. Ён прысвечаны савецкім воінам, партызанам, землякам, якія загінулі пад час другой сусветнай вайны, і знаходзіцца на развілцы дарог Старобін – Мікашэвічы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Старобінскага раёна (з 1965 года - Салігорскага) з 1941 года па 30 чэрвеня 1944 года, калі гэта зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 11 559 нашых землякоў аддалі жыццё за Радзіму – на франтах, у партызанскай барацьбе супраць акупантаў, загублены гітлераўскімі карнікамі.
Гэты манумент , узведзены за 2 кіламетры ад Старобіна, прысвечаны і тым 210 савецкім воінам, якія загінулі пры вызваленні гэтай зямлі.
Мемарыял уяўляе сабой чатырохвугольную ў плане пляцоўку. Галоўны уваход знаходзіцца паміж гарызантальнымі франтальна ўстаноўленнымі бетоннымі блокамі з аб’ёмнай выявай лічбаў “1941 – 1945” і стэлай з выявай галавы жанчыны і воінаў.
У завяршэнні цэнтральнай алеі, выкладзенай бетоннымі плітамі, на фоне гарызантальнай сцяны Памяці з імёнамі загінуўшых землякоў – скульптура жанчыны ў жалобе, якая схілілася над загінуўшым байцом. Уздоўж алеі пакладзены 4 прамавугольныя пліты з надпісамі – прысвячэннямі.
Будаўніцтва мемарыяльнага комплекса ажыццяўлялася ў 10 кіламетрах ад горада Салігорска з 1966 па 1975 год. Яго агульная плошча складае 10 697 кв. метраў. Агульная вышыня помніка – 8 метраў. Аўтарам скульптуры жанчыны з воінам на руках з’яўляецца народны мастак БССР і СССР, беларускі скульптар Віктар Іванавіч Грос, ураджэнец вёскі Дзямянавічы Навагрудскага раёна Гродненскай вобласці (1934 – 1980 гг.).
Аўтарства генеральнага плана комплекса належыць архітэктарам Генадзю Гапановічу і Уладзіславу Марухіну.
Рашэнне аб узвядзенні мемарыяльнаго комплекса прынята ў 1957 годзе Старобінскім РК КПБ і гарпасялковым выканкамам Савета народных дэпутатаў.
Але ў сувязі з праводзімай на той час у краіне палітыкай рэарганізацыі раённых і абласных адзінак, з іх узбуўненнем, у снежні 1962 года Старобінскі раён быў ліквідаваны , а яго тэрыторыя была перададзена Любанскаму раёну. І толькі з утварэннем у студзені 1965 года Салігорскага раёна праца па арганізацыі будаўніцтва мемарыяльнаго комплекса скранулася з месца.
Непасрэдная работа па ўзвядзенні мемарыяла пачалася ў 1968 годзе і была завершана ў 1975 годзе.
Згодна бухгалтарскіх даных ДУВП “ЖКГ “Комплекс” дата ўвода ў эксплуатацыю зямельнага ўчастка на развілцы дарог Старобін – Мікашэвічы – 1 верасня 1960 года. Участак тэрыторыі будучага комплекса перададзены з баланса Старобінскага лясгаса на баланс камунальнай гаспадаркі выканкама Старобінскага пасялковага Савета дэпутатаў працоўных.
Справай будаўніцтва мемарыяльнага комплекса пад Старобінам і перапахаваннем воінаў і партызан кіравалі Салігорскі райкам партыі (КПБ) і райвыканкам Савета народных дэпутатаў. Гэта была вялікая праца па ўдакладненні месцаў пахаванняў і прозвішчаў савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у час вайны пры вызваленні Старобінскага раёна. Былі задзейнічаны Салігорскі ваенны камісарыят і ваенны архіў Міністэрства абароны СССР.
Перапахаванне праходзіла пад кіраўніцтвам першага сакратара Салігорскага раённага камітэта партыі Мікалая Андрэевіча Сухій. Другі этап гэтай работы быў завершаны 7 мая 1975 года.
На гранітнай сцяне Памяці мемарыяльнага комплекса “Смуткуючая маці” устаноўлена 9 памятных пліт, на якіх высечаны імёны 136 чалавек, і тут жа пахаваны астанкі 34 невядомых воінаў і партызан, хто са зброяй у руках змагаўся і загінуў пры вызваленні раёна, за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Сярод іх - людзі розных нацыянальнасцяў: рускі Аляксандр Яўлампіевіч Вакураў, украінец Ягор Якаўлевіч Жылкін, беларус Іосіф Мікітавіч Таўпека, грузін Шаліко Давідавіч Каблеанідзе, таджык Трыкуцін Саймачам Бітаў і многія іншыя.
…7 мая 1975 года. Тут адбыўся ўрачысты жалобны мітынг працоўных Салігорскага раёна, прысвечаны перапахаванню астанкаў 170-ці загінуўшых воінаў і партызан, магілы якіх былі ў розных мясцінах на тэрыторыі раёна. Пад гукі жалобнай музыкі скрынкі з астанкамі загінуўшых былі закладзены ля падножжа мураванай сцяны з імёнамі герояў.
Пасля выступлення на мітынгу першага сакратара РК КПБ А.І. Дубоўскага, былога камандзіра партызанскага атрада, сакратара партарганізацыі рыбкамбіната І. М. Звягінцава, былых франтавікоў М.І. Таўпекі, К.М. Дунца і іншых, наваколле прарэзвае салют воінаў Мінскага гарнізона…
Але афіцыйнае адкрыццё памятнага мемарыяла адбылося крыху пазней - 9 мая 1975 года. У гэты дзень сюды прыйшлі шматлікія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, франтавікі і партызаны. Адбылося ўрачыстае адкрыццё ўзведзенага манументальнага комплекса “Смуткуючая маці”
Ганаровае права на адкрыццё мемарыяла было прадстаўлена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, Герою Сацыялістычнай працы, першаму сакратару РК КПБ А.І. Дубоўскаму, дырэктару калійнага камбіната “Беларускалій” імя 50-годдзя СССР, Герою Сацыялістычнай працы П.М. Судзілоўскаму, былому франтавіку В.С. Тарасевічу, былому партызану У.С. Шошыну і іншым.
…Спадае белае палотнішча і перад тысячамі людзей прадстае жалобны твар мацяры, якая трымае на руках сына, які памірае ад ран. Гучыць жалобная музыка. Да падножжа помніка, на магілы герояў ускладзены вянкі, букеты жывых кветак. Хвілінай маўчання ушанавана памяць тых, хто цаной свайго жыцця заваяваў незалежнасць Радзімы.