Латаб’яднанне пры газеце «За коммунистический труд» («Строитель Солигорска») з’яўляецца адным з першых асяродкаў культурнага жыцця Салігорска, якое аб’ядноўвала таленавітую моладзь.
Уладзімір Масакоўскі.
Латаб’яднанне пры газеце «За коммунистический труд» («Строитель Солигорска») з’яўляецца адным з першых асяродкаў культурнага жыцця Салігорска, якое аб’ядноўвала таленавітую моладзь.
Заканчэнне. Пачатак у № 2 ад 15.01.2016 г.
Стварэнне і дзейнасць літаб’яднання
Першае салігорскае літаб’яднанне створана ў першых чыслах студзеня 1961 года, і ўжо 6 студзеня ў шматтыражцы “За коммунистический труд” з’явілася першая творчая старонка ўдзельнікаў літаб’яднання пад рубрыкай “Літаратурная старонка”.
Творчая “Літаратурная старонка з’яўляецца найбольш адметным паказчыкам працы самадзейных салігорскіх літаратараў, яна ў далейшым выпускаецца да 6-ці разоў у год.
Арганізатарам і кіраўніком першага салігорскага літаб’яднання з’яўляецца адказны сакратар рэдакцыі газеты “За коммунистический труд” Анатоль Сямёнавіч Блахін. Першымі аўтарамі былі літсупрацоўнікі газеты Эрнэст Васільевіч Ялугін, Сямён Афанасьевіч Сямёнаў, загадчыца бібліятэкі пабудкама будтрэста №3 Таццяна Сцяпанаўна Дрэнь, шафёр машынапракатнай базы (зараз УМС-108) Аляксей Іосіфавіч Кур’ян, начальнік агітмашыны будтрэста №3 на будоўлі Мікалай Міхайлавіч Чураеў і іншыя.
Пазней у працы салігорскага літаб’яднання актыўны ўдзел прымаюць: інжынер па ахове працы будаўнічага ўпраўлення № 123 Валянціна Далідовіч (пазней - Міклашэвіч), механік завода зборнага жалезабетону №6 Збігнеў Радабольскі, работнікі першага Салігорскага калійнага камбіната Іван Раманенка і Уладзімір Пратасеня, сакратар камітэта камсамола Беларускага будаўнічага шахтапраходчага ўпраўлення (трэст “Шахтаспецбуд”) Анатоль Крывіцкі, гарняк другога калійнага камбіната Леанід Якубовіч, кранаўшчык УМС-108 Аляксей Макарэвіч, электрык СУ-105 Яўген Цітэнка, муляр СУ-105 Васіль Рэпнік і іншыя.
Маладыя салігорскія паэты і празаікі, рабочыя і служачыя прадпрыемстваў і ўстаноў Салігорска, якія спрабуюць свае сілы ў літаратуры, часта збіраюцца разам у рэдакцыі газеты “За коммунистический труд”. На сваіх паседжаннях яны чытаюць і абмяркоўваюць свае творы. Лепшыя з іх друкуюцца на старонках шматтыражкі не толькі пад рубрыкай “Літаратурная старонка”, а і пад рубрыкамі “Вершы пачынаючых”, “Творчасць салігорцаў”, “На літаратурнай арбіце”.
Маладыя салігорскія літаратары пры рэдакцыі газеты “За коммунистический труд” ладзяць творчыя сустрэчы, а з 1965 года, сумесна з удзельнікамі літаб’яднання “Узлёт”, створанага пры рэдакцыі Салігорскай аб’яднанай газеты “Шахцёр” – з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, якія прыязджаюць у Салігорск з Мінска.
Сустрэчы праходзяць у Клубе будаўнікоў будтрэста №3 і ў інтэрнатах горада, а таксама з вучнямі першай, другой і трэццяй школ горада, у Чапялёўскай школе, Чырвонадворацкім клубе.
Перад вучнямі, рабочымі і калгаснікамі выступаюць А. Кур’ян, Л. Якубовіч, Я. Цітэнка, А. Крывіцкі, В. Далідовіч, А. Макарэвіч і інш.
Літаратурнае аб’яднанне, якое пазней атрымала назву “Радуга” (“Вясёлка”), адыграла адметную ролю ў творчым росце пачынаючых паэтаў і празаікаў Салігорска. Іх творы друкаваліся не толькі ў мясцовых перыядычных выданнях, але і ў “Мінскай праўдзе”, на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў.
Апошні выпуск “Літаратурнай старонкі” у газеце “За коммунистический труд” адбыўся 7 лістапада 1973 года. У ім былі надрукаваны вершы Тамары Гуцавай, Анатоля Крывіцкага, Валянціны Міклашэвіч ды нарыс Аляксея Макарэвіча.
Цяпер на старонках газеты будтрэста №3 “Строитель Солигорска” (новая назва газеты “За коммунистический труд”) часта друкуюцца паэтычныя творы салігорскіх паэтаў новага пакалення. Над рубрыкай “На крылах паэзіі” апублікаваны вершы Сяргея Масакоўскага, Таццяны Чэчэнец, Лідзіі Дубінка, Уладзіміра Мая, Эры Ставер, Валянціны Бабко-Аляшкевіч і іншых.
Таксама дадам, што на сённяшні дзень у Салігорску пры Палацы культуры дзейнічае творчае аб’яднанне таленавітых людзей “Лабірынт”, якое аб’ядноўвае каля 30 салігорскіх самадзейных паэтаў. Кіраўніком АТЛ “Лабірынт” з’яўляецца былая настаўніца, салігорская паэтэса Валянціна Папова. У сакавіку 2016 года АТЛ “Лабірынт” будзе адзначаць свій юбілей – 10-годдзе з дня аснавання літаратурнага аб’яднання.