Фото з архіва рэдакцыі.
Латаб’яднанне пры газеце «За коммунистический труд» («Строитель Солигорска») з’яўляецца адным з першых асяродкаў культурнага жыцця Салігорска, якое аб’ядноўвала таленавітую моладзь.

Адзін з першых асяродкаў
культурнага жыцця
У 1960-1970 гадах XX стагоддзя ў Салігорску пры рэдакцыях газет «За коммунистический труд» (выдаецца з 1959 года, з 1991 года – пад назвай «Строитель Солигорска») і «Шахцёр» (выдаецца з 1965 года) існавалі літаратурныя аб’яднанні маладых салігорскіх літаратараў-паэтаў і празаікаў. Іх паэтычныя і празаічныя творы друкуюцца на беларускай і рускай мовах, як у мясцовым так і рэспубліканскім друку.
Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў, існаваўшых пры рэдакцыях салігорскіх газет, творчасць іх самадзейных паэтаў і празаікаў, аставілі адметны след у развіцці культурнага жыцця Салігорска.
Самае першае салігорскае літаб’яднанне пры рэдакцыі старэйшай салігорскай газеты салігорскіх калійных камбінатаў і будтрэста № 3 «За коммунистический труд» існавала са снежня 1960 года па лістапад 1973 года. Кіраўнікамі літаб’яднання пры гэтым выданні былі: з 1961 года – Анатоль Сямёнавіч Блахін, адказны рэдактар (1961 – 1968 г.г.), радактар рэдакцыі газеты (1966 – 1968 г.г.) - ад будтрэста № 3, а з 1964 года – Аляксей Іосіфавіч Кур’ян, адказны сакратар (1964 - 1968 г.г., рэдактар рэдакцыі газеты (1968 – 1972 г.г.) – ад першага Салігорскага калійнага камбіната.
На той час у маладым горадзе ўжо дзейнічалі самыя першыя культурныя ўстановы: з красавіка 1959 года – масавая бібліятэка пабудкама (прафкама) будтрэста № 3 (загадчыца – Таццяна Дрэнь, пазней Гарэчая), з лістапада 1959-га – Клуб будаўнікоў будтрэста № 3 (загадчык – Георгій Кароткіх), з мая 1963 года – гарадская бібліятэка (загадчыца – Вольга Садоўнікава).
Першыя крокі
Да першых крокаў па стварэнні літаб’яднання можна аднесці паэтычныя творы пачынаючых літаратараў пад рубрыкамі «Літаратурны куток», які ўпершыню з’явіўся на старонках газеты «За коммунистический труд» (№ 19 ад 6 мая 1960 года). Гэта былі вершы Алеся Кур’яна «Каханне» і «Нездагадлівая дзяўчына», Эрнэста Ялугіна – «Снова май»… Тут жа надрукавана і паведамленне з наступным тэкстам: «Пры рэдакцыі шматтыражнай газеты «За коммунистический труд» ствараецца літаратурнае аб’яднанене.
Просім таварышаў, якія спрабуюць сілы ў літаратурнай творчасці, прыносіць у рэдакцыю свае творы».
Аб першых кроках дзейнасці салігорскіх самадзейных літаратараў паведамляе шматтыражка (№ 47 ад 18 лістапада 1960 года) у нататку «Сяброўская сустрэча», у якой сказана:
«Адбыўся вечар сустрэчы салігорцаў з паэтамі і пісьменнікамі.
Свае вершы прачыталі будаўнікі Анатоль Астрэйка, Аляксей Зарыцкі і Васіль Вітка.
На вечары з чытаннем вершаў выступіў пачынаючы паэт, шафёр Аляксей Кур’ян.
Сустрэча прайшла цікава і змястоўна. Напаследак самадзейныя артысты будоўлі далі канцэрт».
Працяг будзе.
