Другога лютага споўнілася 65 гадоў, як пад Сталінградам была ліквідавана нямецкая групіроўка войскаў. З гэтага часу пачалася вайна вызваленчая. Яна скончылася Перамогай у Германіі.
Падрыхтаваў Уладзімір Дамель.Фото аўтара
Светлай памяці аднавяскоўцаў прысвячаецца

Другога лютага споўнілася 65 гадоў, як пад Сталінградам была ліквідавана нямецкая групіроўка войскаў. З гэтага часу пачалася вайна вызваленчая. Яна скончылася Перамогай у Германіі. Што каштавала яна абодвум бакам, цяжка ўявіць. Я толькі помню, як летам 1943 года к нам на двор зайшоў нямецкі афіцэр. У размове з бацькам сказаў: «Гітлер капут. Твой брат у партызанах і ты пра Сталінград ведаеш». Слова «капут» мы, малые, ведалі.
Другога лютага тэлеканал «Viasat History» паказаў тэлефільм «Сталінград» з кадрамі хронікі. На полі бітвы было падабрана каля 150 тысяч забітых нямецкіх салдат, каля 100 тысяч трапілі ў палон, сярод іх 2500 афіцэраў. У тым ліку 24 генералы разам з камандуючым Паўлюсам. Колькі загінула савецкіх салдат, не сказалі.
У мястэчку Пагост сярод другіх удзельнікаў вайны жылі двое, хто ваяваў пад Сталінградам. Пра аднаго і будзе мой аповед.
У 1970 годзе я пабудаваўся на краю мястэчка насупраць Васіля Адамавіча Малочка.
Нашы сядзібы раздзяляў выган з азярцом, у якім Васіль Адамавіч штолета гадаваў стада гусей. Яшчэ ён трымаў карову, бо без малака не мог жыць.
Ён любіў расказваць пра вайну, а я любіў слухаць. Часта расказваў не так, як чыталі па кніжках. Працаваў настаўнікам, але ніколі не бачыў, каб выступаў перад людзьмі. Быў безпартыйным, не хадзіў на мітынгі к танку 9-га мая ў дзень Перамогі.
Вайна для яго пачалася пад Шаўляем у Літве. Прызвалі яго ў 1940 годзе. Служыў малодшым камандзірам. Сярод ваенных была адна думка: ваяваць будзем з немцамі. І абавязкова будзем наступаць, бо навошта ваенные карты Захада. Бадзёры настрой сапсаваў мірны Дагавор з Германіей. Салдаты адказваліся на занятках у полі капаць акопы, чакалі дэмабілізацыі. Аднойчы ў час такіх заняткаў на Захад прайшоў поезд з гарматамі і танкамі. «Гэта для міру ці для вайны?», — пытаў у салдат, але тыя не хацелі казаць. Скора прышлося адступаць у кірунку на Пскоў. Карт не было, ішлі ўсляпую. Пад Псковам атрымаў першае раненне. Пасля выздараўлення трапіў пад Вязьму. К канцу верасня фронт адыйшоў к Маскве, тысячы савецкіх салдат трапілі ў акружэнне, але трымалі абарону. «Не было боепрыпасаў, не было харчавання. Паелі коней. Неяк падняў кусок конскай скуры і пачаў жаваць. У выніку хапіў дызентэрыю. Так змучыўся, што не мог хадзіць. Мяне адправілі ў шпіталь. Гэта была хата лясніка. Лекаў ніякіх. У дзень давалі адну лыжку мукі – хочаш вары яе, хочаш – так з’еш. Аднойчы ў банку з пад кансервы насыпалі дзве лыжкі мукі на мяне і на суседа. З гэтай банкай я папоўз к ручаю набраць вады. Хадзіць я не мог, а мой сусед не мог поўзаць. Калі вяртаўся, убачыў, як Мессер вынырнуў з-за лесу і трапіў бомбай у ляснічоўку. На месцы хаткі засталася яма. У гэты дзень я быў багаты, з’еў дзьве лыжкі мукі».
Ён выжыў. А калі фронт вярнуўся, доўга валяўся па шпіталям. У жніўні 1942 адступаў у Сталінград. Калі пад Вязьмай бачыў нешта страшнае, што не паддавалася ўразуменню, дык у Сталінградзе бачыў сапраўдны ад. Інакш гэта назваць немагчыма. У горадзе жыло больш за 400 тысяч жыхароў. Эвакуіраваць іх было забаронена, каб не распаўсюджваць паніку. 24 жніўня 1942 года 1600 самалетаў сталі бамбіць горад. За першую нядзелю загінула больш за 40 тысяч чалавек. Гэта былі мірныя людзі. Горад гарэў, быў разбураны. 13 верасня немцы занялі амаль увесь горад. Засталася вузкая палоска каля берага. Але вайна ішла па ўсяму гораду. Па падземным каналам савецкія салдаты выходзілі ў тыл к немцам і адбівалі заняты дом. У такія атакі не раз хадзіў Васіль Адамавіч. Пазней, калі пачаліся маразы, ён стаў камандзірам 45-ці міліметровай пушкі. Стралялі з яе прамой наводкай па розным цэлям. Ноччу прыводзілі папаўненне, к наступнай ночы ён зноў заставаўся адзін. Загінуўшых складалі вакол пушкі сцяною. Яны аберагалі жывых ад куль і асколкаў. Аднойчы яму даручылі намаляваць план абароны. Гэты план так спадабаўся камандзіру, што яго перавялі ў штаб пісарам. Так апошні месяц, да поўнай капітуляцыі немцаў, правёў у больш зацішным месцы, калі так можна было лічыць тую вузкую паласу берага. Вайну ён скончыў у Германіі.
Неадэкватным чалавекам ён быў пасля вайны. Вярнуўшыся ў разбураную вёску, стаў разводзіць гаспадарку. Калі авечка нарадзіла двух ягнят, дык на чырвонай стужцы павесіў на шыю медаль, а барану – ордэн. Скора з раёна за ім прышла машына. Са Старобіна вярнуўся пеша. Не пасадзілі.
Аднойчы ў Дзень Перамогі з чырвонымі сцягамі па вуліцы к танку ішлі ветэраны, школьнікі і жыхары мястэчка. Васіль Адамавіч стаяў каля плоту і сумна паглядаў на гэтае шэсце. Я падышоў і спытаў, чаму ён не з тымі ў калоне. У адказ: «З мяне хопіць самай вялікай узнагароды. Гэта дарованае мне жыццё».
Летам уздоўж дарог касіў траву, каб карове было сена. Грузіў сена на каляску і саматугам вёз дамоў. З заду каляску папіхала жонка. За гэтай справай я зрабіў фотаздымак і паказаў сакратару райкама. Сакратар быў аднавяскоўцам і так сама прымаў удзел у абароне Сталінграда. На заўтра к Васілю Адамавічу завітаў калгасны брыгадзір: «Бяры каня». Але ні разу паслугай каня не скарыстаўся: калі быў конь, не было калёс, былі калёсы – не было хамута. І Васіль Адамавіч на брыгаду больш не пайшоў. Нікому ні на што не скардзіўся.
Памёр ён ціха, як і жыў. Нам патрэбна захоўваць памяць як пра тых, хто загінуў у час вайны, і хто вярнуўся з вайны. Жывым дасталася яшчэ адна вайна – вайна з голадам, разбурэннем і, часам.
