Жыхар мястэчка Пагост Васіль Сцяпанавіч Серавокi расказаў пра сябе і час свайго жыцця.
Фата аўтара
У мястэчку Пагост 30 чэрвеня, у дзень вызвалення Салігорскага раёна ад нямецкіх захопнікаў, каля памятнага танка адбыўся канцэрт. Было многа людзей як з горада, так і мясцовых жыхароў. Калі канцэрт скончыўся, была прапанова ўсім жадаючым сфатаграфавацца напамяць. Старшыня сельсавета Галіна Бань пабегла ў натоўп і прывяла на сцэну ветэрана вайны, мясцовага жыхара Васіля Сцяпанавіча Серавокага. Так у гэты момант ціхі чалавек стаў знакамітасцю. Праз некалькі дзён я прывёз фотакартку і папрасіў расказаць пра сябе і час яго жыцця. І ён сказаў: «Доля майго пакалення была страшнай і цяжкай». Васілю Сцяпанавічу ідзе 92-гі год. Мы сядзім у чыста прыбранай хаце. Ужо год, як не стала жонкі. Яму дапамагаюць дзеці, унукі і праўнукі...

«Нарадзіўся я 4-га красавіка 1926 года пры вёсцы Стрыя Цярушкі, на хутары. У школу пайшоў першы раз, калі выпаў снег, а кароў паставілі на хлеў. Быў пастушком. Так скончыў чатыры класы. На гэтым мая адукацыя скончылася. Ды жыць можна было б, каб не бяда. Паслаў мяне бацька к дзеду прыгнаць каня, у дзеда я заначаваў, а калі прыехаў, то бацькі не стала. Ноччу прыехалі, яго забралі разам з другімі мужчынамі. Страх панаваў над людзьмі. Праз многа гадоў дзеці пісалі, каб даведацца, куды прапаў бацька. Атрымалі адказ, што ён у 1939 годзе быў рэпрэсіраваны, далейшы яго лёс невядомы. А дзе яго трымалі два гады да 1939 года так і засталося невядомым. Страх за сябе, за сям’ю давіў людзей, што баяліся сказаць адзін другома слова. Нават у 1941 годзе 22-га чэрвеня мама прыйшла з Новых Цярушак, сабрала нас і сказала, што чула страшную навіну: пачалася вайна, толькі ж вы нікому пра гэта не гаварыце. Вайна - а пра гэта нікому не гаварыце. Страх панаваў над усiм. Скора прыйшлі немцы. Вёска стаіць на граніцы лясной палескай зоны. Таму страху стала не меней: ноччу партызаны, ці пераапранутыя паліцаі, - ніхто не ведае. Днем - адкрытыя паліцаі і немцы. Сталі знікаць зноў людзі. Знайшліся такія, што адкрыта пайшлі служыць немцам. Яны не забыліся пра тыя здзекі, што ўчыняліся пры калектывізацыі, у час рэпрэсій. Так зноў пачалася вайна і зноў панаваў страх. Казалі, што браты Штайда Іван і Сцяпан пісалі даносы на людзей, немцы іх хапалі і людзі знікалі. Аднойчы Сцяпан паехаў з немцамі і паліцаямі паліць вёскі на Палессе. Адтуль прывёз вялікі гадзіннік, з якога праз паўгадзіны выпрыгвала зязюлька і кукавала. Вялікае было для вяскоўцаў дзіва, часам яны прыходзілі да яго ў хату, каб падзівіцца. Зязюлька кукавала, але аб чым, новы гаспадар не здагадваўся. Скора прыйшлі ў хату партызаны. Сцяпана засталі ў ложку з дзеткамі. Дзецям прыказалі лезці на печ, а Сцяпану апранацца. Калі Сцяпан падняўся, яго растралялі на вачах у дзяцей. Пазней растралялі і брата ў лесе. Ніхто не ведае месца яго магілы. Так дачакаліся лета 1944 года, калі прыйшла Чырвоная Армія. Маіх равеснікаў адразу мабілізавалі ў Армію. Я не трапіў у гэты набор, бо ляжаў хворы на тыф. Толькі ў снежні месяцы мяне паслалі ў вучэбную часць. Пакуль вучылі ваеннай спарве, вайна скончылася. Так з 1944 года па ліпень 1950 года я быў салдатам, служыў на тэрыторыі Германіі. Мясцовае насельніцтва не вельмі нас паважала. Хадзіць аднаму забаранялася. Былі выпадкі знікнення салдат. Калі дэмібілізаваўся, то дома трапіў у калгас, дзе панавала прыгоннае права. Год працуеш - ні грошай, ні хлеба. Жанчыны на сабе аралі агароды. Пад новы 1959 год упрасіў старшыню калгаса даць мне даведку аб адлучэнні з калгаса. Старшыня калгаса быў чалавек ваенны, добра разумеў маё становішча, такую даведку даў. Я год працаваў на спіртзаводзе ў вёсцы Пагост, а з пачатку 1960 года ўладкаваўся ў будаўнічы трэст №3, у будаўнічае ўпраўленне № 122 плотнікам-бетоншчыкам. Гэта работа якраз па маёй адукацыі. Тут у першыню адчуў да сябе павагу. Ніхто не крычаў, рэгулярна плацілі грошы. На пенсію пайшоў у 1965 годзе. Пенсію далі 120 рублёў. Гэта было вялікае шчасце: на работу не ідзі, грошы даюць. Але так жыць я не мог, таму стаў працаваць у калгасе, завеў сваю гаспадарку. Праз трынаццаць гадоў майго жыцця на пенсіі мне на хату паставілі тэлефон. Для мяне свет яшчэ больш адкрыўся. У баях я не ўдзельнічаў, але мяне на вёсцы паважаюць. Дзякуй усім добрым людзям. Аднаго хочацца, каб нашы нашчадкі такога жыцця не ведалі, якое давялося пражыць майму пакаленню».
