Мы, пасляваеннае пакаленне, добра памятаем незабыўныя раны вайны на нашай роднай беларускай зямлі. Смутак і боль у душах застаўшыхся ў жывых бацькоў і дзядоў па памерлым ў пекле ваенных гадоў пранесены праз усё свядомае жыццё.
Уладзімір Масакоўскі1. Мой бацька – франтавік
Мы, пасляваеннае пакаленне, добра памятаем незабыўныя раны вайны на нашай роднай беларускай зямлі. Смутак і боль у душах застаўшыхся ў жывых бацькоў і дзядоў па памерлым ў пекле ваенных гадоў пранесены праз усё свядомае жыццё.
Я, Уладзімір, сын бацькі Генадзія, нарадзіўся 2 студзеня 1949 года ў вёсцы Мялешкі Слуцкага раёна. У 50-я гады 20-га стагоддзя часта ездзіў цягніком праз Слуцк на Урэчча да дзеда Рыгора, які разам з бабкай Вандай і сямействам цёткі Жэні перабраўся з Мялешак на Ўрэчча, дзеў крэдыт узяў пустуючую хату у дзяржавы.
Па чыгуначных станцыях і ў буфетах пры іх , а таксама па вуліцах гэтых паселішчаў, я шмат разоў бачыў салдат-франтавікоў той вайны – у гімнасцёрках і кіцелях, падрярэзаных шырокай армейскай папругай, у вайсковых штанах – галіфэ і ў кірзавых ботах. Урэзаліся ў памяць і сталёвыя бакі з вадой, да кранаў якіх на ланцужках былі прымацаваны конаўкі.
Сярод салдат-франтавікоў было шмат пакалечаных вайной – аднарукіх, аднаногіх, аднавокіх і г.д.
Іх постаці на самаробных драўляных самакатках- каталках ці на гэтакіх жа кастылях, як і бацькавы франтавыя, па сённяшні дзень стаяць у мяне перад вачыма.
Мой бацька, Генадзій Рыгоравіч Масакоўскі,нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Новы Гуткоў Слуцкага раёна, якая 2 лютага 1944 года была поўнасцю знішчана нямецка-фашысцкімі акупантамі. У агні згарэла і вялікая хата майго дзеда Рыгора, побач з якой рос яблыневы сад.
У Слуцкім раёне пад час Вялікай Айчыннай вайны ўздоўж маскоўска-варшаўскай шашы нямецка-фашысцкімі акупантамі знішчана 36 вёсак – як разам з людзьмі, так і без іх. У 1941 годзе знішчана вёска Стары Гуткаў, у 1943 годзе – 34 вёскі, а ў 1944 годзе апошняй была знішчана вёска Новы Гуткоў.
Да вайны мой бацька скончыў два курсы Мінскага будаўнічага тэхнікума, а ў маі 1941 года быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію.
У канцы жніўня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі усю тэрыторыю Беларусі.Бацька ваяваў у той час на тэрыторыі РСФСР і ў адным з баёў у верасні 1941 года ён атрымаў тры цяжнія раненні – у плячо, у бядро і ў стапу левай нагі. З 1941 па 1943 год бацька быў на вылячэнні і даследванні ў шпіталях Баку і Сталінабада.
У 1943 годзе, атрымаўшы трэцюю групу інваліднасці, мой бацька быў ізноў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі на службу ў 35-ы будаўніча-чыгуначны батальён чыгуначных войскаў. Ен нёс службу на тэрыторыі СССР, вызваленай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – аднаўляў разбураныя чыгуначныя дарогі.
У чэрвені 1946 года, пасля дэмабілізацыі з арміі, вярнуўся дамоў – на Случчыну. Але на месцы роднай хаты знайшоў адно папялішча.
Пасля дэмабілізацыі бацька жыў і працаваў у Слуцку. Там ён закахаўся і ажаніўся з дзяўчынай Антанінай Марозавай, якая працавала кухарам у сталовай на Слуцкім базары.
У 1948 годзе бацька са Слуцку пераехаў жыць да сваёй радні, у вёску Мялешкі. А ў 1957 годзе, пасля смерці дзеда Рыгора, пасяліўся ў яго хаце на Урэччы, дзе працаваў загадчыкам сталоўкі, крамы, склада.
У 1975 годзе, пасля цяжкай хваробы, ён пайшоў з жыцця.
Мой бацька Генадзь Рыгоравіч быў ветэранам вайны – салдатам-франтавіком. Званне “Ветэран Вялікай Айчыннай вайны” было ўведзена 6 сакавіка 1965 года. На той час ільготамі карысталіся толькі Героі і інваліды вайны, а майму бацьку да гэтай пары інваліднасць была знята. У 1978 годзе дзяржава ўвяла ільготы для ўсіх катэгорый ветэранаў вайны. Але бацька не дажыў да гэтага часу. Ад яго на ўспамін нам застаўся гэты суровы аповед.
2. Смяротны бой
Верасень 1941 года. Па ўсяму фронту ідуць крывапралітныя баі часцей Чырвонай Арміі з пераўзыходзячымі сіламі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вораг ужо таптаў землі Расійскай Федэрацыі, акупіраваўшы тэрыторыі Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны.
Вайсковая часць, лзе служыў Генадзій Рыгоравіч Масакоўскі, таксама з баямі адступала на усход. У адным з баёў ен быў цяжка паранены.
У гэты вераснёўскі дзень 1941 года быў дадзены загад - выбіць фашыстаў з іх пазіцый на ўзвышшы. “Уперад!” – прагучала каманда. Шматгалосае “Ура!” разарвала паветра. Чырвонаармейцы кінуліся ў атаку. Сярод іх быў і мой бацька.
Фашысты сустрэлі атаку чырвонаармейцаў шквальным агнём. Нашы салдаты замертва падалі ад куляў ворага. Раптам Генадзь адчуў, што нешта штурхнула яго ў плячо. “Раніла?” – пранеслася думка ў галаве. Але ён усё яшчэ бег уперад і страляў у прастору з аўтамата. Раптам новы штуршок, ужо ў бядро, салдат упаў і зямлю ад болю абняў…
Залеглі і салдаты, што яшчэ заставаліся жывымі. Па іх ланцужку прагучаў новы загад: ”Адступаць!”.
Разарваўшы на сабе нацельную кашулю, Генадзь, як змог, перавязаў раны і папоўз у бок сваіх пазіцый. Наўкола свісцелі кулі, былі чутны стогны і крыкі параненых аб дапамозе. Нехта таксама поўз, а нехта бег з поля бою. А большасць салдат так і засталася ляжаць на зямлі…
Сонца хілілася да небакраю. Раптам рэзкі боль пранізаў усё цела Генадзя, з яго грудзей вырваўся крык, які перайшоў у працяглы стогн. Гэта трэцяя куля дагнала яго, прабіла падэшву ботаў і раніла левую стапу нагі.
Пакутуючы ад болю, ен працягваў паўзці на усход, да сваіх. Ад кожнага руху боль ад ранаў аддаваўся ва ўсім целе. Генадзь прыняў рашэнне – да ночы схавацца ў стозе сена, які стаяў на палетку.
Хутка страляніна сціхла. Генадзь чуў, як да яго стажка падышлі немцы, гергечучы на сваёй мове. Яны пачалі пратыкаць стажок штыкамі, але нічога не знайшлі і пайшлі да другога стога. “Пранясло…” – з палёгкай падумаў салдат.
Зрэдку над палеткамі раздаваліся гукі стрэлаў – гэта немцы дабівалі параненых. Як толькі цемра ахутала зямлю, ён вылез са стажка і захацеў зняць з раненай нагі бот, але з гэтага нічога не атрымалася – бот набрыняў ад крыві.
А ўверсе сіялі зоркі – па іх Генадзій вызначыў, дзе павінен быць Усход, і з цяжкасцю папоўз да сваіх пазіцый. Хутка ен апынуўся на палявой дарозе. Далей паўзці не было сіл, і ён застаўся ляжаць каля дарогі і чакаць дапамогі.
Пад раніцу Генадзь пачуў па дарозе грукат. Гэта ехала вайсковая подвода. Калі яна параўнялася з ім, ён крыкнуў: “Гэй, таварыш! Дапамажы!”.
І дапамога прыйшла – чырвонаармеец астанавіў каня і хуценька падышоў да параненага. Накінуўшы на акрываўленага байца свій шынель ён сказаў: “Чакай мяне, на адваротным шляху я цябе забяру, толькі з’езджу за харчамі”…
Далей былі шпіталі, цэлых два гады, і нялёгкае выздараўленне.
Майму бацьку пашчасціла, што застаўся жывы. Многія эпізоды Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў яшчэ не асвечаны і патрабуюць даследванняў. Пра салдатаў-франтавікоў засталася памяць у нас, жывых – яна існуе ў магілах і курганах, помніках і абелісках, у кнігах і фотакартках, фільмах і п’есах… Але галоўны яе прытулак – нашыя сэрцы.
